ТУРЫ́СЦКІ КЛУБ,
самадзейнае грамадскае аб’яднанне аматараў турызму. Звычайна аб’ядноўвае турыстаў пэўнага напрамку (турызм пешаходны, на лодках, плытах, веласіпедах, аўтамабілях і інш.). На Беларусі 1-ы Т.к. з’явіўся ў 1959 (Мінск, спарт. т-ва «Чырв. сцяг»; у 1962 рэарганізаваны ў Мінскі гар. клуб турыстаў). Т.к. ўзніклі на аснове турысцкіх секцый калектываў фіз. культуры мінскіх, абл. і інш. прадпрыемстваў і арг-цый. Першапачатковая работа абмяжоўвалася арганізацыяй паходаў выхаднога дня, турысцкіх злётаў і спаборніцтваў па арыентаванні на мясцовасці. Пазней склаліся сувязі з Т.к. інш. рэспублік СССР. Найб. развіццё Т.к. атрымалі ў 1970—80-я г.; у 1977 іх было 170. На пач. 2001 найб. прадстаўнічымі сярод занальных і гарадскіх Т.к. былі Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Мазырскі, Маладзечанскі, Мінскі, Салігорскі, а таксама шэраг Т.к. буйнейшых прадпрыемстваў і навуч. устаноў Беларусі.
У.І.Ганапольскі.
т. 16, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)